Галерэя
Зіма - 6 Кб
Зіма - 12 Кб
Зіма - 7 Кб
Зіма - 11 Кб
Зіма - 9 Кб
Зіма - 9 Кб

 

За вокнамі халодная ўрачыстасць. Паціху губляючы крохкія белыя пёркі, неба спяшаецца ўбраць зямлю ў светлае пухнатае футра. Гэта зіма. Пара, якая завяршае год. Ці пачынае?.. Цікава, колькі разнастайных асацыяцый яна выклікае! З аднаго боку - гэта канец, смерць, з іншага - пачатак, нараджэнне новага жыцця; гэта і смутак, нават адчай, але і радасць, выкліканая бездакорнай чысцінёй, пачуццём абнаўлення.Ці, напрыклад, снег. Так, гэта холад, але ж і цеплыня. Нездарма снегавы покрыў часта параўноўваюць з цёплым футрам.
Таму не дзіўна, што зіма - адзін з улюбёных вобразаў беларускіх паэтаў.

Алена Кірэева
***

Сьцюжа. Вецер толькі дзіка гаспадарыць,
Пралятае, злосны, вуліцай насьпех,
То скубе пад небам, быццам гусі, хмары
І на землю сыпле белым пер'ем сьнег.

І, здаецца, з ветрам кружацца лятарні,
П'яныя ад песьняў, як пад Новы Год,
Раскідаюць, сьцелюць бледны сьвет янтарны
На дыван пушысты, на бліскучы лёд.

 
Л.Геніюш 1
З паганаў я

Ныраюць сані ў белыя сумёты,
і бель пластоў на гольлі яліны,
сьняжынкі таюць на гарачым лобе,
а коні ймкнуць. Сьнег сыпле з вышыні.
У неба дубоў ўперліся кароны,
cтаяць яны, равесьнікі вякам,
бы стройныя дарыцкія калоны,
нагадваюць стары, антычны храм.
З паганаў я. Красе зямлі малюся,
ў сябе ўбіраю веліч і спакой,
а коні ймкнуць шляхамі Беларусі,
сьняжынкі таюць на вачах сьлязой…

 
Л.Геніюш 1
***

Навокал сьнег, бы сівізна на скронях
Маёй зямлі, застыўшай ад вятроў.
Гляджу на шлях, нейк сумна мне сягоньня.
Прачнуцца б сэрцу ад трывожных сноў.

З-за грудаў хмар ледзь заблішчэла сонца
І ўрэзалася ў неба, бы лямеш.
Я ніці дум вію на верацёнцы
І з пасмаў слоў сную і тку мой верш.

Прамерзла крыху, як той дзень зімовы.
Завеі сьвіст заместа салаўя.
На ўзьлесьсі сосны строга хмураць бровы.
Суровы гімн пяе зямля мая.

 
Л.Геніюш 1
Першы снег

Сяння раніца й сонца ўставалі
у вянку з каляровых агнёў
і карункамі ільдзянымі ззялі
залатыя галіны кляноў.
Нетутэйшыя, дзіўныя краскі
загараліся ў шыбах вакон…
Было ранне - старонкаю з казкі,
было ранне, як казачны сон.
А пасля… неба згасла… сцямнела…
вецер голлем сухім зашасцеў,
з шэрай вышы, і чысты, і белы,
снег густы паляцеў, паляцеў.
Ён паблытаў дзіўныя вузоры
у галлі разварушаных дрэў,
ён маркотныя ніваў разоры
снежна-белай пялёнкай адзеў,
сыпкіх гурбаў намёў, перайначыў
свет, хаду нашых чынаў і дзён.
Згасіў зоры й агні, каб зазначыць,
што ўсё ж доля - не казка й не сон.

 
Н.Арсеннева 2
Новая зіма

У вабыймах дзіўнага спакою
спіць палёў неабсяжны прастор…
Зноў на шыбах мастацкай рукою
тчэ зіма далікатны вузор.
Зноў сінее зімовая далеч,
зноў зяленяцца змрокі, як лёд,
і гарыць парпуровай эмаляй
нежывы і халодны заход…
А нядаўна, здаецца, учора,
на блакітных палотнах нябёс
ткалі шоўкам зялёным вузоры
маладыя галіны бяроз,
пахла мёднай ліпой у паветры,
дыхаў пешчай гарачаю змрок
і змяталі вячорныя ветры
пыл з распаленых сонцам дарог…
Так нядаўна, учора, здаецца,
хоць мяцеліца сёння мяце
і на сэрца жывое кладзецца
пыл лядзяны гусцей а гусцей.

 
Н.Арсеннева 2
На белым аркушы зімы

Пасля дажджоў,
як лістапад
заляжа стомлена ў бярлозе,
аднойчы заквітнее сад
ружовым цветам
на марозе.

А скрозь туман
святлом цячэ,
і ты,
уражаны падзеяй,
ідзеш на вуліцу хутчэй
начных прывеціць чарадзеяў.

І там, дзе сонца ўзняло
агніста-ярую карону,
дрыжыць паветра навакол
загуслым і п'янкім азонам.

На белым аркушы зімы
з тае іскрыстае натуры
кладуцца дрэвы і дамы
штрыхамі светлымі гравюры.

 
Г.Пашкоў 3
Снегапад вяртання

Кружыць снег і падае на плечы.
Белым пухам сцелецца трава.
Без віна ў гэты ціхі вечар
кружыцца шчасліва галава.

Хат не бачна.
Толькі вокан зоры.
Ды з юнацтва заквітнелы сад.
Белыя шырокія прасторы
калыхае чысты снегапад.

Так было.
Было ўжо калісьці.
Не згадаць, калі гэта было.
А сягоння снегападам чыстым
у душы шчасліва ажыло.

Хоць не вечны ты на гэтым свеце,
але сёння думаеш найперш,
што, як снег у гэты ціхі вечар,
вольна і шырока пражывеш.

 
Г.Пашкоў 3
***

Марознага ветру павевы
Трывожаць закутак лясны.
Абсыпаны інеем дрэвы:
Бярозы, асіны, кляны.

У снезе ствалы сухастою,
Ні пня, ні гнілога камля,
Як быццам з журбою, з бядою
Не знаецца болей зямля.

Спадзе снегавая заслона,
І ўбачацца рэчы ясней:
Зялёнае будзе зялёным,
А чорнае стане чарней.

Асінам і кожнай сасонцы
Трывог, як і людзям, стае.
Зямля, мы твае абаронцы,
Сыны і героі твае.

Марозны, бадзёры, вясёлы
Дзень ціха брыдзе між лясін -
Іскрацца сумётамі долы,
Цярушыцца іней з галін.

 
В.Гарадзей 4
***

Выплывае ў марознае ранне
Белы ветразь начных завірух
І, як снегу халоднае ззянне,
Сталых дум пачынаецца ўзрух.

Сонца зноўку пад кожнай сасною
Намалюе сярэбраны цень.
Завірушная ноч за смугою,
І турботны наперадзе дзень.

Даль у колер вішнёвага цвету.
Снег кладзецца на поле, на плёс.
Што Айчыне і цэламу свету
Гэты дзень неспазнаны прынёс?

Белы ветразь плыве праз пагоркі,
Па лугах, праз сумненні плыве,
І згасаюць світальныя зоркі,
І высокая мудрасць заве.

З мітуснёю былою расстанне.
Дабраты і пяшчоты зліццё.
Белы снег. Залацістае ранне.
І - жыццё!
Без канца, да знямогі - жыццё!

 
В.Гарадзей 4
Спіс выкарыстанай літаратуры:

1 - Ларыса Геніюш, Выбраныя вершы, Мінск, 1997 г.
2 - Наталля Арсеннева "Яшчэ адна вясна", Мінск, 1996 г.
3 - Генадзь Пашкоў "Журавінавы востраў", Мінск, "Мастацкая літаратура" 1998 г.
4 - Віктар Гарадзей "Зялёны дождж", Мінск, "Мастацкая літаратура", 1997 г.