|
ТЕМАТИЧЕСКАЯ РУБРИКА: ОСЕНЬ
 |
Все тексты даны в белорусскоязычном изложении.
Адкрываючы тэматычную рубрыку, якая будзе знаёмiць Вас з творамi таленавiтых
беларускiх аýтараý - як сучаснiкаý, так i папярэднiкаý
- мы вырашылi абраць першай яе тэмай восень. Напэýна, няма ý
беларускай лiтаратуры нiводнага паэта, якi не прысвяцiý гэтай пары
хаця б некалькi радкоý. А шмат для каго яна стала галоýным
вобразам, галоýным матывам.
Восень. Цiхiя ранкi, буянне мядзяных i барвовых фарбаý, крышталёвая свежасць
паветра, затоены лёгкi сум. Час успамiнаý i роздуму, ачышчэння i спакою.
Час натхнення.
Алена Кiрэева
|
|
|
|
***
Па дарозе мяце лiстапад.
У прысадах вятроý галашэнне.
Наступае вялiкi абрад -
Палымяны абрад ачышчэння...
I.Арабейка1
|
|
|
|
Апошнi верасень
Верасень, цёплая мая рака,
Лiсце не абляцела.
Восенi голас, сонца шчака,
Маё залатое цела.
Зачаравана
ýдалеч гляджу,
Дзе сыходзяцца ýскрай дарогi.
Свежае поле,
подых дажджу,
Хвiлiны перасцярогi.
Вось мне здаецца - зноý палячу
У светлае падарожжа,
Лёгкае ý промнi
слова "хачу",
Горкая кропля - "можна"...
Не нарадзiлiся слёзы яшчэ,
Усмешка блукае на твары.
Верасень цёплы
ракою цячэ,
Незразумелы,
як мары
В.Вярба2
|
|
|

|
|
***
Кляновы лiст,
Як сынава далонь,
Мне на плячо
Апусцiцца дрыготка.
I нас прычалiць
Восенi ý палон
Нямога дрэва
Выстылая лодка.
Над ёй вятры
зацята адгулi,
над ёй вось-вось
нахiляцца завеi...
Наш дзень наступны
Бачыцца з зямлi
У хмурным небе
Просiнню надзеi.
У.Мазго3
|
|
 |
|
***
Кастрычнiк абязлiсцеý i заззяý
Адразу павышэлым небасхiлам,
I ýсё - усё, што ýспрымалася панылым
У змене дзён цi ý падаплёцы з'яý,
Раптоýна стала ясным, прасвятлела:
Нi горычы на сэрцы, нi нуды...
Нiбыта што балела - адбалела,
Што мучыць - адпусцiла назаýжды.
Пагляд люструе далячынь скразная,
За iм увысь плыве п'янлiвы звон...
Захмелiць, звабiць гэта высь, я знаю,
А п'ю i п'ю святло празрыстых дзён.
Т.Бондар4
|
|
 |
|
***
Высокая восень, у кронах бяроз
Шапочаш лiсцём залатым.
Памножыýшы смутак на зболены лёс,
Ты ценем прыходзiш густым.
Прачыстая восень, з лясной цiшынi
Вiльготным узмахам крыла
Хаця б на iмгненне пяшчоту вярнi,
Што вечнай, здалося, была.
Ужо не даехаць, ужо не дайсцi -
Здарожаны ýляжацца свет.
Ажухла багата ý халодным лiсцi
Нязбытых надзей i прыкмет.
I, чуючы вечную песню тваю,
Пад ношай набытых гадоý
Я ý одуме горкiм
на ýскраi стаю
Дарог, летуценняý, слядоý
M.Мятлiцкi5
|
|
 |
|
Туга
Лёгка - замглёныя восенi далi
ý ясна-зялёным блакiце стаялi.
Гаснучы, сыпаýся дзень пазалотай
з неба на тонкiх бяроз пераплёты.
Чырваняй кволай, старой акварэлi
Клёны й асiны ý лесе гарэлi.
Дзень дапалiýся, i цемра нядбала
ý шэрасцi фарбы жывыя схавала.
Лес у густым, мутнаватым тумане
ý змрок адышоýся як шэрае зданне...
Цёмна... Бярозы нябачна ý полi
сыплюць асеннiя слёзы паволi.
Услухайся ý плач iх, жаллiвы без меры.
Цi разумееш у плачы тым шэрым,
Што яшчэ нехта ý вечар туманны
тужыць усупал з табой па нязнаным.
Н.Арсеннева6
|
|
 |
|
***
Пацерка рубiнавай калiны
Пад хмарай - хусткай восенi -
Зiхота...
Гукае клiн адлётны жураýлiны
Астатняе палескае балота.
Умые дождж накрапам вечаровым
Самотаю павiтыя абшары,
Дзе волкiм, прэлым пахам чабаровым
Астынуць лета страчаныя чары.
Калышацца прамоклая асока,
Аб леце шэпча цёплыя ýспамiны.
Плыве жыццё раздольна i высока
Над пацеркай рубiнавай калiны.
M.Мятлiцкi5
|
|
| |
|
Спiс выкарыстанай лiтаратуры:
1 - Iван Арабейка, Анталогiя беларускай паэзii ý 3-х тамах.
Т.3.
2 - Вера Вярба, зборнiк "Апошнi верасень" Мiнск, "Мастацкая
лiтаратура", 1995 г.
3 - Уладзiмiр Мазго, Анталогiя беларускай паэзii ý 3-х тамах,
т.3, Мiнск, "Мастацкая лiтаратура", 1993 г.
4 - Таiса Бондар "Час душы, мой час вячэрнi", Мiнск, "Мастацкая
лiтаратура", 1995 г.
5 - Мiкола Мятлiцкi "Палескi смутак", Мiнск, "Мастацкая лiтаратура",
1991 г.
6 - Наталля Арсеннева "Яшчэ адна вясна", Мiнск, "Мастацкая
лiтаратура", 1996 г.
|
|
|